Улады Турцыі затрымалі 304 чалавекі, якія падазраюцца ў сувязях з баевікамі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» (ІД) у рамках аперацый, праведзеных у 32 правінцыях краіны, - заявіў міністр унутраных спраў Турцыі Алі Ерлікай у пятніцу, цытуе Reuters.
Аперацыя «Героі-34» праходзіла па ўсёй тэрыторыі Турцыі.
«Большасць падазраваных былі затрыманыя ў трох найбуйнейшых гарадах Турцыі: Анкары, Стамбуле і Ізміры», — напісаў Ерлікай у сацыяльных сетках.
«Мы працягнем нашу барацьбу, дзякуючы напружаным намаганням сілавікоў», — дадаў палітык. Міністр таксама апублікаваў кадры з аперацыі, на якіх відаць, як супрацоўнікі паліцыі ўваходзяць у кватэры і дамы і затрымліваюць падазраваных.
За апошнія гады «Ісламская дзяржава» здзейсніла мноства нападаў па ўсёй Турцыі. 1 студзеня 2017 года ў Стамбуле адбыўся напад на начны клуб, у выніку якога загінулі 39 чалавек. У 2014 годзе ІД кантралявала каля траціны тэрыторыі Ірака і Сірыі.
Турэцкія ўлады актывізавалі аперацыі супраць «Ісламскай дзяржавы» і курдскіх баевікоў пасля нападу ў кастрычніку гэтага года, калі тэрарысты ўзарвалі бомбу каля ўрадавых будынкаў у сталіцы.
На поўдні і ўсходзе Турцыі, а таксама на поўначы Ірака турэцкая армія і службы бяспекі рэгулярна праводзяць аперацыі супраць Рабочай партыі Курдыстана (РПК), якую ўрад у Анкары лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй.
PAP/юл